УЛА́СНЫ РУХ ЗО́РКІ,
бачнае вуглавое перамяшчэнне зоркі па нябеснай сферы за год. Складаецца з сапраўднага перамяшчэння зоркі і ўяўнага (паралактычнага) зрушэння, якое адлюстроўвае рух Сонечнай сістэмы (разам з Зямлёй) у прасторы. Змена становішча зоркі з гадавым перыядам з прычыны руху Зямлі вакол Сонца (гадавы паралакс) ва У.р.з не ўваходзіць. Звычайна У.р.з. не перавышае сотых доляў вуглавой секунды, радзей дасягае дзесятых доляў і вельмі рэдка цэлых секунд дугі.
А.А.Шымбалёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)